Далучэнне да роднай мовы

Вывучаем родную мову разам!

Чалавечая мова – гэта, як вялiкi стары таямнiчы бор, поўны жыцця, поўны звонкiх спеваў, нязнаных вясёлых i страшных шэптаў, поўны радасцi і смутку.

      Услухайцеся ў родную мову! I вы пачуеце словы моцныя i велiчныя, як дубы, што ўзносяцца ў неба, ёсць словы вясёлыя, як песня сонца, ёсць словы, якiя звоняць нiбы жураўлiкi ў небе, альбо скардзяцца, як енк.

     Паглядзiце, як гэта цiкава: некаторыя словы самiм сваiм гучаннем як бы пераймаюцъ тое, што выказваюць, напрыклад: рык, гром, свiст, гук.

     Раскрыць дзецям прыгажосць роднай мовы, паказаць яе мiлагучнасць - адзiн са шляхаў выхавання любвi да сваей Радзiмы.

    Дык будзем з замiлаваннем услухоўвацца ў нашу мову, разам вучыцца мове, далучацца да невычэрпных крынiц беларускай лiтаратуры, мастацтва, гiсторыі роднага краю.

        Неабходна старацца як найлепш карыстацца роднай мовай, з павагай адносiцца да яе, прывiваць любоў i пашану да мовы Бацькаўшчыны нашым дзецям.

      Хацелася б, паважаныя, каб нашым дзецям прывiвалася пашана да роднай мовы як у садку, так i дома.

      У кожнай беларускай сям’i павiнны быць часопiсы, кнiгi для дзяцей на роднай мове. Выхаванне дзяцей павiнна грунтавацца на роднай  гiсторыi, на родным фальклоры, на родных традыцыях.

     Як мага больш чытайце дзецям апавяданняў, казкаў; вучыце вершы, прыказкi, пашырайце слоўнiкавы   запас.

    У нас ёсць надзея, што з вашага боку мы сустрэнем аднадумцаў, падтрымку i дапамогу.

  Хутка прыйдзе час, і сёняшнія выхаванцы будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. І вельмі важна ўжо сёння звярнуць увагу на выхаванне ў іх пачуцця патрыятызму, выхаванне асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, у центры якой будзе ўсведамленне ўласнай адказнасці за лёс Радзімы. Нацыя толькі тады будзе жыць і развівацца, калі кожнае наступнае пакаленне будзе зберагаць нацыянальныя традыцыі.

        Праблема далучэння дзяцей да сваёй нацыянальнай культуры, да роднай мовы набывае актуальнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са сваёй нацыянальнай культурай, сваёй роднай мовай. Менавіта зараз, ва ўмовах духоўнага крызісу ўзрастае неабходнасць далучэння дзіцяці да этнакультурных нацыянальных каштоўнасцей, стварэння ўмоў для фарміравання этнічнага самаўсведамлення маленькага грамадзяніна, выхавання ў яго ўмення з павагай і ўдзячнасцю  адносіцца да  стваральнікаў гэтых каштоўнасцей, жадання творча і асэнсавана іх засвойваваць.

        Далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру.

         Сення сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаемства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуцце грамадкасці, любоў да Радзімы. Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не сароміцца на ёй размаўляць.

   Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове ў яслях – садзе спрыяе:

  • арганізацыя спецыяльна арганізаванай дзейнасці на беларускай мове адзін раз на тыдзень у сярэдняй і старэйшай групах;
  • правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове ў другой палове дня ў тых жа групах;
  • далучэнне да беларускай мовы ў пасіўнай форме дзяцей ад 3-х да 4-х гадоў у час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў;
  • прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове;
  • увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове;
  • наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове;
  • арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.

         Увесцi рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, адчуць яе прыгажосць нам дазваляюць фальклорныя i лепшыя класiчныя творы для маленькiх дзяцей: калыханкi, забаўлянкi, песенькi, казкi, вершы i iнш. Гэта робiцца з мэтай развiцця першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнiкам i па меры магчымасцi самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткiя забаўлянкi, песенькi, лiчылкi i г.д.), што служыць фармiраванню ў iх пачуццевай асновы руска – беларускага двухмоўя.

 Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Кожны год ў свеце адзначаецца

Міжнародны дзень роднай мовы

           Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова! Матчын дарунак ад самай калыскі, ты самацветаў яскравая нізка. Кожны з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць – не згарае. Ты мне заўсёды была дапамогай, дзе б і якой ні хадзіў я дарогай. Чую ў табе перазвоны крыніцы, чую ў табе і раскат навальніцы, чую павевы зялёнага бору, водгулле працы ў родным прасторы. Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, кожнае слова вякамі стварана. І на вякі яно жыць застаецца, вечнае так, як народнае сэрца.

Уладзімір Дубоўка

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40 % з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў.

Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі.

Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы індаеўрапейскай моўнай сям’і.

Яна, безумоўна, мае шмат агульных граматычных і лексічных рыс з рускай і ўкраінскай мовамі. Аднак і спецыфічных адметнасцей багата ў нашай роднай мове. Гэта дзеканне і цеканне, аканне і яканне, зацвярдзелыя зычныя і суседняя мяккасць, у нескладовае і апостраф. А колькі самабытных беларускіх слоў! 

Вось такіх, напрыклад, як у радках Кастуся Цвіркі: Абрус – абцас – азярод – арэлі… Вясёлка – вырай – вярба – ваўчкі… Як міла пазвоньваюць, сэрца грэючы, Чыстых бацькаўскіх слоў ланцужкі! Дык давайце ж будзем размаўляць па-беларуску! І не толькі 21 лютага, а заўжды!

Дзень роднай мовы

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

                                      П. Панчанка

Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе - павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія пад спіс апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе - значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае сьвята.

Хто б ты ні быў - жанчына ці мужчына, дарослы ці малады, селянін, студэнт, рабочы, настаўнік, вайсковец, інжынер ці бізнесовец - ведай, што найлепшы твой твар, вопратка твая, душа твая - беларуская мова. 

Калі ты чуеш яе - ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную - знай, што гэта ўсё яна - наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. 
Будзь і ты разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляй па-нашаму, каб людзі бачылі тваю вернасць сваёй мове. Размаўляй з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах - і тваёй мовай захочуць гаварыць іншыя. І не саромся недасканалай гаворкі. Мова - жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на "трасянцы", а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. 
А людзі, што служаць дзяржаве на чынавенскай пасадзе, табе дзякуй скажуць, бо будуць вучыцца ад цябе. А блізкія і далёкія суседзі адчуюць тваю самапавагу і будуць яшчэ больш цябе паважаць. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская  мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету.